МІЖНАРО́ДНЫЯ МІЖУРА́ДАВЫЯ АРГАНІЗАЦЫІ,

пастаянныя аб’яднанні дзяржаў, створаныя на падставе распрацаванага і ўзгодненага імі міжнар. пагаднення або інш. ўстаноўчага акта з мэтай каардынацыі намаганняў урадаў па вырашэнні міжнар. праблем і садзейнічання развіццю ўсебаковага супрацоўніцтва дзяржаў. Спецыфічныя рысы М.м.а.: пастаянны або рэгулярны характар дзейнасці, метад функцыянавання (шматбаковыя перагаворы, адкрытае абмеркаванне пытанняў), працэдура распрацоўкі і прыняцця рашэнняў (абмеркаванне і галасаванне) і характар прынятых рашэнняў, якія, як правіла, не маюць абавязковай сілы і заснаваны на прынцыпе «адна краіна — адзін голас» або на фін. узносе і эканам. становішчы адпаведных краін-удзельніц. Адрозніваюць М.м.а. сусветныя (ААН, ЮНЕСКА, МАП і інш.) і рэгіянальныя.

т. 10, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)